У сераду, 27 лютага, адбылася лекцыя Сяргея Нікалюка "У пошуках мадэляў разумення Беларусі," якая, наколькі я зразумеў, ёсць першай з цэлага цыклу лекцыяў на тую ж тэму, падрыхтаваных рознымі беларускімі інтэлектуаламі. Патрапіўшы на лекцыю амаль выпадкова, мне, аднача, не давялося потым шкадаваць аб дарэмна згубленым часе. Лекцыя сапраўды была цікавай, і, як следзтва, яна выклікала цікавыя пытанні і каментары. У сувязі з ёй з'явіліся некаторыя агульныя назіранні, якія тычацца дзейнасці беларускае інтэлектуальнае эліты ў рэчышчы пошукаў тых самых мадэляў. Пазначу гэтыя назіранні тэзісна:
Мадэлі будуюцца на недапушчальных абагульненнях.
Навука разглядаецца як сродак спасцігнення ісціны.
Эканамічная складаючая абсалютызуецца.
Выключаюцца тыя фактары, якія накіраваны не на здавальненне матэрыяльных патрэбаў чалавека, а на дасягненне духоўнага камфорту.
У сераду шмат хто адзначыў, што ўсе прапанаваныя ў працэсе абмеркавання мадэлі не з'яўляюцца новымі. Безумоўна, гэта так. Але ў наш час, калі любая тэорыя зрабілася падобнай кампутарнай тэхніцы - тры месяцы прайшло, а яна ўжо састарэла, цяжка вызначыць, што ў бягучы момант з'яўляецца самым мадэрновым. Мо, гэта рабіць і ня трэба. Больш істотным, на мой погляд, з'яўляецца тое, што прапанаваныя мадэлі будуюцца на падмурку, які можна назваць "недапушчальнымі абагульненнямі". Разважаць на гэтую тэму можна вельмі доўга, таму прывяду два прыклады ў якасці ілюстрацыі. Прагучала апеляцыя да Ключэўскага як да аўтарытэта ў галіне гісторыі, на падмурку працаў якога можна рабіць выказы наконт гісторыі ўсходніх славян. Але канцэпцыя Ключэўскага - гэта цалкам ідэялагічная канцепцыя, яе цяжка назваць навуковай. Гэты гісторык выконваў канкрэтную замову - стварыць вялікую гісторыю для вялікай Расіі. У яго атрымалася, але вывучаць асаблівасці беларускай гісторыі па ягоных працах - тое ж самае, што вывучаць гісторыю, скажам, Узбекістану, па тэксту гімна СССР. Тым ня менш, на гэтай канцэпцыі грунтуецца агульнапрынятае уяўленне аб гістарычных працэсах, што адбываліся на нашых тэрыторыях. І, зыходзячы з яе, спрабуюць патлумачыць тое, што адбываецца ў нас у бягучы момант.
Яшчэ адзін прыклад недапушчальнага абагульнення. Ю. Півавараў (бяру яго тут у якасці прыкладу толькі таму, што ён часцяком прыгадваўся падчас лекцыі) прызнае ў адным сваім інтэрв'ю, што падчас напісання "Рускай сістэмы" у яго на сцяне віселі партрэты трох людзей, кожны з якіх атаесамляўся з пэўным паняццем - уладай, папуляцыяй і лішнім чалавекам. Уладзе адпавядаў Сталін, папуляцыі - Зюганаў, лішняму чалавеку - Бродскі. Не буду спрачацца наконт Зюганава і Бродскага, але атаесамленне Сталіна з уладай адразу, пераводзіць усю працу Піваварава ў рэчышча суб'ектывізму. Бо зразумела, што Сталін - гэта толькі асобны выпадак улады. Яго нельга атаясамліваць з уладай увогуле. А тое прыдзецца прызнаць, што ўлада актуалізуецца толькі тады, калі трапляе да псіхапатычнае асобы, якая ламае народ цэраз калена. Такім чынам, канцэпцыя Піваварава адразу стварае ўражанне суб'ектыўнага погляду гэтага чалавека, які даволі далёкі ад жыцця. Што тады можна казаць пра мадэль, пабудаваную на падмурку гэтай канцэпцыі?
Так, я разумею, што абагульненні непазбежны. Навука на тым і грунтуецца, што будуецца нейкая лагічная схема (ці "мадэль"), з якой потым суадносяць разнастайныя з'явы прыроды і чалавечага соцыюму. Але любая схема, па азначэнні, будзе бяднейшай за жыццё. Таму тая мадэль, якая падаецца вельмі прывабнай сёння, заўтра будзе прызнана састарэлай (у чым мы ўчора і мелі магчымасць пераканацца). Гэта - агульная праблема навуковых тэорыяў. Рана ці позна адкрываюцца абставіны, якія перакрэсляць усе папярэднія выказы. Цяпер гэта шмат каму зразумела, але шчэ нейкія паўтары стагоддзі таму вера ў навуку была абсалютнай. Адсюль нарадзіўся пазітывізм, які ў свой час моцна паўплываў на светапогляд заходніх еўрапейцаў. І, як любая канцэпцыя, пазітывізм потым не вытрымаў стукынення з рэчаіснасцю, асабліва ў сферы грамадскіх навук. Таму цяпер заходнія і ўсходнія інтэлектуалы зыходзяцца на тым, што далёка не ўсе з'явы можна патлумачыць матэрыяльнымі прычынамі ці логікай.
Нашы інтэлектуалы пакуль што маюць іншы погляд на навуку. Падчас гэтага абмеркавання ў гэтым можна было пераканацца, пачуўшы заявы аб тым, што навука з'яўляецца тым сродкам і спосабам, які дае магчымасць зразумець усе прынцыпы існавання свету. Гэта ёсць цалкам зразумелым, паколькі ў СССР, чыя мёртвая рука яшчэ трымае нашых інтэлектуалаў за горла, быў прынятым менавіта гэты пазітывісцкі погляд на навуку. Але відавочна, што спробы пабудовы на такім метадалагічным падмурку любой эфектыўнай мадэлі (эканамічнай, сацыяльнай, палітычнай) не будуць мець аніякага сэнсу (у лепшым выпадку). Ізноў жа, прапаную ў якасці ілюстрацыі параўнаць любы падручнік па фізіцы, хіміі, псіхалогіі (ды хоць усе іх разам) з Бібліяй наконт таго, які з гэтых тэкстаў больш адэкватна апісвае існаванне свету. Выказ будзе адназначным. Навука, канешне, можа адказаць, колькі нэрвовых канчаткаў змяшчае мозг чалавека, але якія механізмы ўплываюць на прыняцце рашэнняў, яна адказаць не здолее.
Яшчэ адна праблема, якая кідаецца ў вочы, гэта скіраванасць беларускіх інтэлектуалаў на эканамічную складаючую жыцця. "Мы жывем, каб есці." Марксізм жыве і перамагае. Што тут можна казаць пасля Фукуямы, які дакараў за падобныя падыходы ўол-стрыт-джорналаўскую школу эканамічнага дэтэрмінізму? Ну, можа, тое, што мадэлі, пабудаваныя на прымаце эканамічных законаў, без уліку іншых складаючых, эфектыўнымі ніколі не былі і не будуць. Складаючыя гэтыя - тое, што дазваляе чалавеку адчуваць сябе камфортна ня толькі ў матэрыяльным плане, але і ў духоўным. Не буду адмыслова разбіраць іх, прыгадаю толькі пачуццё нацыянальнай годнасці, без якой шмат хто будзе адчуваць моцны дыскамфорт, аж да фізычных пакутаў.
Велмі істотным падаецца тое, што сярод варыянтаў разумення сучаснасці прысутнічае і той, згодна з якім сучасная Беларусь адпавядае звычайнай мадэлі, праз якую прашлі шматлікія краіны свету пад час станаўлення нацыянальнай дзяржавы. Гэтая канцэпцыя таксама не з'яўляецца новай. Я чуў яе яшчэ у другой палове 90-х. Згодна з гэтай мадэллю падзеі, што адбываюцца ў нашай краіне вось ужо 14-ты год, уяўляюць сабой нармалёвы працэс складання суверэннай нацыі. Маўляў, шмат якія краіны прайшлі цэраз гэты этап, і якія б недахопы не былі ёй уласцівы, усё роўна яна аб'ектыўна працуе на замацаванне беларускае дзяржаўнасці. Нават персона прэзідэнта разглядаецца ў рамках гэтай мадэлі як фактар, што судзейнічае фармаванню ў іншых краінах свету вобразу незалежнай Беларусі.
Але гэта далека не так. Калі мы правядзем маніторынг публікацыяў паліталагічнага, сацыялагічнага, гістарычнага характару ў той жа Расіі, мы пераканаемся, што паняцце "Беларусь" у іх практычна адсутнічае. Ёсць усе - палякі, украінцы, прыбалты, малдаване. А вось беларусаў няма. Ім адмаўляюць у існаванні. Чаму так? Падаецца, ёсць шэраг момантаў, па якіх нас могуць пазнаваць у свеце. Чарнобыль, напрыклад. Трактары "Беларусь." Прэзідэнт. Але, як высвятляецца, гэтага замала, каб існаванне беларускае дзяржавы было прызнана безумоўным. Такім чынам, тое, што ажыццяўляецца ў нашай краіне ў бягучы момант, хутчэй працуе супраць дзяржавы, а не на яе карысць.
Тым ня менш, ёсць людзі, якія вераць, што тое, што адбываецца ў нас у бягучы момант ёсць натуральнай беларускай мадэллю. Чымсьці яны нагадваюць кацяня з знакамітага сіманаўскага раману "Жывыя і памёрлыя." Той таксама лічыў, што выбухі, свіст куляў, разбураныя дамы, пажары, дым - гэта і ёсць сапраўдны свет і сапраўднае жыццё. Каб зразумець гэта і пабачыць іншыя магчымасці і перспектывы, трэба ўяўляць асаблівасці краіны ня толькі зыходзячы з бягучага моманту, але ўвогуле асаблівасці светаўспрыяцця, гісторыі, сацыяльнага жыцця нашага народу. Без гэтага, страшуся, любая мадэль, з якой суаднясуць сучасную Беларусь, ці паспрабуюць яе тут ажыццявіць, ня будзе мець аніякага сэнсу і будзе працаваць толькі на кансервацыю бягучага становішча. Але, як паказала абмеркаванне, шмат хто з беларускіх інтэлектуалаў, шукаючы мадэлі для разумення Беларусі, відавочна не ўяўляюць, што такое Беларусь. Судзячы па іх пасылах, наша краіна спрадвеку была перыферыйнай часткай Расіі з усімі характэрызуючымі яе (а зусім не Беларусь) рысамі. Дык аб якіх адэкватных мадэлях разумення можна казаць, калі патэнцыйныя аўтары гэтых мадэляў не ўяўляюць сябе аб'екту даследвання?! Ім бы спачатку хоць гісторыю нашае краіны праглядзець (толькі не па Ключэўскаму).
І тут ужо не скрывіш рот: маўляў, ізноў нацыяналісты з сваімі ідэямі. Улічванне асаблівасцяў краіны падчас пабудовы мдэляў ёсць неабходнай умовай хоць некаторай адэкватнасці гэтых мадэляў. Сусветны досвед, які чалавецтва назапашыла за ХХ стагоддзе, дэманструе, што сярод мадэляў няма ўніверсальных. Самая цудоўная мадэль - ліберальная - увазнесла азіяцкіх тыграў і драконаў на вершыні эканамічнага росквіту. Шмат каму падалося, што панацэя знойдзена. Пачалі насаджаць неалібералізм у Лацінскай Амерыцы. Вынік - ледзь не катастрафічны, і ўсе спробы скарэктаваць няўдалыя схемы чаканых вынікаў не прыносяць. Пачынаюцца ўжо і размовы пра сацыялістычны рэванш на паўднёваамерыканскім кантыненце. Праблема ў тым, што эканамічныя дэтэрміністы вырашылі, што мадэль, удалая ў адным месцы, будзе ўдалай і ў іншых. Не, я далёкі ад таго, каб казаць, што чалавецтва вынайшла нешта лепшае за лібералізм. Але перад тым, як пачаць ажыццяўляць яго ў краінах Лацінскай Амерыкі, добра было б высветліць, напрыклад, чаму Чэ прамяняў утульную дзяржаўную пасаду на пакутніцкі лёс барацьбіта за свабоду, хоць эканамічнага прыбытку ад гэтага ён бы відавочна не атрымаў.
Такім чынам, на мой погляд, нашай краіне патрэбны не пошукі мадэляў, хоць яны ўяўляюць сабой, безумоўна, вельмі цікавы і забаўляльны інтэлектуальны працэс. Нам патрэбны пошукі самаідэнтыфікацыі. Не, я, канешне, ведаю, што гэтыя пошукі ідуць. І адыгрываюць яны ў нашай краіне вялікую ролю. Толькі ідуць яны па звіхнутаму шляху, што і нараджае ўсе асноўныя праблемы нашага грамадства і дзяржавы. Ніхто не будзе, я думаю, спрачацца з тым, што лозунг сучаснай афіцыйнай канцэпцыі беларускай ідэнтычнасці гучыць як "Мы - рускія". Гэта стала даводзіцца да насельніцтва нашай краіны. Шмат хто, у тым ліку з прадстаўнікоў інтэлектуальнае эліты, з гэтым згодны. Але чаго даб'юцца тыя ж лібералы, калі нават адукаваныя людзі з маіх мінскіх знаёмых вучаць сваіх дзяцей, што мы жывем "у Расіі"? Відавочна, што шмат хто з беларускіх інтэлектуалаў нават і не разумее, што ёсць розніца паміж нашай краінай і Расіяй. Тады ўзнікае пытанне - дзеля чаго намаганні свае прыкладаем? Мадэль развіцця Паўночна-заходняга краю і без нас прыдумаюць прасунутыя расійскія спецыялісты.
Аднача тым, хто існуе ў кантэксце расійскай культуры, прыдзецца разчаравацца: рускімі, як бы мы ні напіналіся, мы не будзем. На нашай глебе няма каранёў таго, што вызначае рускую нацыю і што цяпер спрабуюць прывіць нам праз мас-медыя як "неадымальна нашае". Як няма ў нас каранёў расейскай мовы. Не прызнáюць нас тыя, хто жыве ў Расеі, як не прызнаюць там нават тых, хто, хоць і рускі па этнічнай прыналежнасці, нарадзіўся ў калоніі (то бок, у гэтак званых "союзных рэспубліках"). Мы ў іх сістэме каардынат нават не "крэёлы", нарадзіўшыяся ад рускіх бацькоў, але на тэрыторыях калоніі. Мы стаім крыху ніжэй нават за гэтых рускіх другога гатунку. І наш акцэнт з характэрнымі гукамі, будзе надзейнай падставай для вызначэння нас менавіта як аб'екта знявагі. Калі ж мы будзем працягваць спробы перавучыць дзяцей (ды й іншых) на рускую фанетыку, мы здолеем выхаваць у іх толькі той жа комплекс непаўнавартасці, які старэйшыя пакаленні ўжо атрымалі. І мы толькі працягнем існаванне ў нашым зачараваным коле недзе ў раёне 80-х гг. ХХ ст., калі беларусамі быць перасталі, але да рускіх так і "не дараслі".
Калі ж мы, нарэшце, перавёўшы дух, скажам: "Усё! Мы перамаглі зацьвярдзеласць нашых гукаў! Мы знішчылі фрыкатыўнае Г! Мы вынішчылі ўсё барока, а на тое, што засталося, паначаплялі арабскія купалы-цыбуліны! Мы святкуем 4 лістапада як дзень вызвалення Масквы ад палякаў і 23 лютага як дзень абаронцы айчыны! Мы - рускія!" у адказ нам прагучыць: "Цудоўна. А цяпер вашае месца - побач з парашай." І тыя, хто нам гэта скажа, будуць мець рацыю. Бо народ, які прыклаў такія намаганні, каб даказаць, што яго - няма, што сваімі мовай, розумам, гісторыяй жыць ён ня здольны, а здольны глядзець на навакольны свет только праз азадак іншага народу, не заслугоўвае нічога лепшага. Хто лічыць інакш - робіць вельмі глыбокую і небяспечную (ня толькі для яго) памылку.
Такім чынам, асноўная праблема, якая стаіць перад інтэлектуальнай супольнасцю Беларусі, ёсць у тым, каб знайсці сродкі стварэння ўмоваў, найбольш спрыяльных для вяртання людзям пачуцця нацыянальнай годнасці і паўнавартасці. А потым (ці, па меншай меры, паралельна) займацца пошукамі нейкіх "мадэляў".
На мой погляд, дзеля дасягнення гэтага трэба, у першую чаргу, звярнуць увагу на мову, як на галоўны сродак самаідэнтыфікацыі. Далей ідуць тыя моманты, якія фармуюць светапогляд чалавека. Іх можна падзяліць на колькі групаў: сымболіка вербальная (назва краіны, назва дзяржаўных інстытутаў); сымболіка прадметная (сцяг, герб, гімн); тапаніміка (у першую чаргу, назвы вуліц і плошчаў, якія фармуюць сераду існавання і самадчування чалавека); архітэктура (тыя будынкі, якія нясуць на сабе адзнаку самабытнасці нашага народу).



LiveJournal
RSS
Каментары