У гістарычным цэнтры Мінска - на вуліцы Рэвалюцыйнай, 17, - знесены помнік архітэктуры міжнароднага значэння, жылы будынак XIX стагоддзя ў стылі класіцызму з элементамі эклектыкі. Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня грамадскага аб'яднання "Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры" Антон Астаповіч.
Паводле яго слоў, яшчэ тыдзень таму гэты унікальны двухпавярховы жылы будынак з багата дэкараваным фасадам, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, упрыгожваў вуліцу Рэвалюцыйную. "Прычым ён рэстаўраваўся, і працэс яго аднаўлення знаходзіўся ў апошняй стадыі. Аднак на працягу некалькіх дзён па замове ТАА "ТаПас" падрадчык, будаўнічае ўпраўленне № 2 ААТ "Будтрэст № 7", поўнасцю разбурыў гэты помнік айчыннага дойлідства", - сказаў А.Астаповіч.
Ён паведаміў, што на месцы помніка архітэктуры будзе пабудаваны адміністрацыйны будынак.
А.Астаповіч назваў знос будынка "прыкладам адвольнага абыходжання з заканадаўствам з боку дзяржструктур, паколькі будаўніцтва на месцы помніка архітэктуры адміністрацыйнага будынка немагчыма без дазволу дэпартамента дзяржаўнага будаўнічага нагляду Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, узгодненага з упраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры".
"Намеснік начальніка гэтага ўпраўлення Ігар Чарняўскі паведаміў мне па тэлефоне, што ўпершыню чуе аб зносе помніка, і прапанаваў грамадскасці шукаць вінаватых у гэтым акце вандалізму", - зазначыў А.Астаповіч.
У сувязі са знішчэннем помніка дойлідства ён мае намер накіраваць у Генеральную пракуратуру хадайніцтва аб завядзенні крымінальнай справы, праінфармаваць Камітэт дзяржаўнага кантролю, а таксама звярнуцца да кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.
У інтэрв'ю БелаПАН начальнік аддзела праектна-каштарыснай дакументацыі і дагавораў ААТ "Будтрэст № 7" Людміла Скуратовіч паведаміла, што будупраўленне № 2 праводзіць работы на аб'екце па Рэвалюцыйнай, 17, на падставе дазволу адпаведных дзяржаўных структур.



LiveJournal
RSS