Перанос помніка - гэта такая падзея, якая можа ўспрымацца як асобным чалавекам, так і грамадствам на розных узроўнях. З аднаго боку, каго чапляе той факт, што помнік, які раней стаяў на адным месцы, быў перасунуты на іншае. Ён жа не знік, не папсаваўся пры гэтым. Таму на гэтым узроўні грамадскасць гатова прыняць новую рэчаіснасць. З іншага боку, міжволі пачынаюць узнікаць розныя пытанні, кшталту: "а каму ён замінаў на папярэднім месцы?", "а чаму яго перанеслі менавіта сюды?", "ці няма за гэтым глыбокага палітычнага падтэксту?" Як правіла, афіцыйныя тлумачэнні не здавальняюць тых, хто ставіць перад сабой падобныя пытанні, і грамадства пачынае выпрацоўваць свае адказы. Як правіла, у гэтых адказах з усёй відавочнасцю праяўляюцца тыя праблемы, якія мае ўлада ў сваёй краіне, якія яна хацела б схаваць, але якія ахвотна падкрэслівае ў сваіх меркаваннях грамадская думка.
Адным з найбольш красамоўных прыкладаў таму з'яўляецца гісторыя з пераносам у 1930 г. у Маскве (тагачаснай сталіцы СССР) помніка славутым персанажам расійскай гісторыі Мініну і Пажарскаму. Гэты манумент, які першапачаткова займаў пазіцыю перад тым фасадам будынку сучаснага ГУМу, які выходзіць на Красную плошчу, быў перанесены на месца перад храмам Покрыва на ірве, якое ён займае і зараз. Афіцыйным тлумачэннем было тое, што помнік "замінае правядзенню дэманстрацый". Але ў народзе перанос тлумачылі куды больш паэтычна. Справа ў тым, што ў першапачатковым варыянце размяшчэння помніку жэст Кузьмы Мініна ўказваў на крамлёўскія муры, побач і ўнутры якіх пасля кастрычніцкага перавароту пачалі хаваць дзеячаў "расійскага і міжнароднага камуністычнага руху". У адказ на гэта сярод масквічоў з'явіўся вершык, быццам бы ад імя Мініна, які звяртаўся да Пажарскага: «Смотри-ка, князь, какая грязь у стен кремлевских разлеглась». І месцічы былі перакананыя, што менавіта гэтая акалічнасць і з'явілася сапраўднай падставай для пераносу помніку.
Перанос помніка Максіму Багдановічу таксама выкліча свае разнастайныя тлумачэнні, што таксама будуць указваць на тыя грахі, якія грамадскасць (справядліва ці не) прыпісвае ўладам. І, на наш погляд, адна з найбольш істотных праблем, якая праяўляецца ў пытаннях адносін уладаў да помнікаў гісторыі і культуры, была ўзнята ў размове карэспандэнта сайта EXPERTBY.ORG з старшынёй рэспубліканскага таварыства аховы помнікаў Антосем Астаповічам.
На ягоную думку, праблема не ў тым, што помнік перанеслі, няхай нават з цэнтральнай алеі на бакавую. Праблема, на ягоны погляд, у тым, што пры гэтым груба быў парушаны Закон. Для Закона дробязяў не існуе. Нават калі справа тычыцца такога неістотнага, на пэўным узроўні, факта, як перанос помніка з аднаго месца на іншае, парушэнне Закона - гэта парушэнне Закона. І тут ужо гаворка ідзе пра агульны стан прававой свядомасці сярод тых людзей, якія прымаюць рашэнні ў нашай краіне. Перш за ўсё, адзначыў спадар Астаповіч, перанос помніка парушае Закон аб ахове помнікаў гісторыі і культуры:
"Зараз не памятаю, але ж, здаецца, гэта артыкул 26 (у рэчаіснасці - артыкул 28 закона РБ ад 9 студзеня 2006 г. №98-3 "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" - expertby.org). Гэты артыкул прадугледжвае, што гісторыка-культурная каштоўнасць матэрыяльная, нерухомая не мае права пераносіцца з месца на месца. Яе маюць права пераносіць толькі па спецыяльнай пастанове Савміна, падчас вайсковых дзеянняў, стыхійных бедстваў ці пэўных катастроф. Не гледзячы на гэта, Навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь узгадніла праектную прапанову пра перанос помніка Максіму Багдановічу з таго месца, дзе ён раней стаяў, у бок вуліцы Багдановіча.
Адным словам, у нас вельмі часта апошнімі гадамі нашы ўлады, і ў тым ліку Міністэрства культуры, падкрэсліваю, менавіта Міністэрства, якое адказнае за выкананне закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, гэты закон не выконваюць, а падмяняюць выкананне гэтага закона ці то рашэннямі Навукова-метадычнай рады, якія вельмі часта з парушэннямі заканадаўства прымаюцца, ці то пэўнымі пастановамі, якія поўнасцю супрацьмовяць заканадаўчай базе Рэспублікі Беларусь. Прыклад з Максімам Багдановічам - гэта толькі адзін з такіх прыкладаў парушэння заканадаўства з боку ўпаўнаважаных дзяржаўных структур у галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Тут, калі ўжо пералічваць гэтыя парушэнні, можна назваць тое, чым займаецца таварыства: гэта і гістарычны цэнтр Менску, гэта і рэгіянальныя помнікі, гэта і такія парушэнні (як нацыянальнага заканадаўства, так і міжнародных методык), што ў нас дапускаюцца нават на аб'ектах унесеных у спіс ЮНЕСКА: Мірскі замак, замак у Нясвіжы. Гэта сучасная практыка сучаснай Беларусі."
Што тычыцца магчымых матывацый, якія маглі паўплываць на прыняцце рашэння аб пераносе помніка, сп. Антановіч сказаў:
"Я заўсёды тлумачу матывацыю вельмі проста. Я ніколі не шукаю ў гэтым ні палітыкі, ні ідэалогіі, таму што пытанне - яно наверсе палягае. Гэта ў першую чаргу грошы, пракрутка грошай. Бо нават з тым жа помнікам Багдановічу - тут усё становіцца вельмі зразумела. Калі прааналізаваць гэтае пытанне ў такім ракурсе: у якім сэнсе гэта выгадна? А гэта вельмі выгадна: на тым месцы, дзе калісьці стаяў помнік, робіцца вялікі фантан. А што ёсць такое фантан? Гэта земляныя работы, гэта інжынерныя сеткі, гэта мантажныя работы. Адным словам, гэта адна з самых высокавартасных у фінансавым сэнсе прац па будаўнічых нормах і расцэнках. Вось і матывацыя: як мага болей выкарыстаць, пракруціць грошай з дзяржаўнага бюджэту. Гэта выгадна і праекціроўшчыку, гэта выгадна і падрадчыку, ну, і, адпаведна, гэта выгадна, мабыць, цэламу шэрагу дзяржаўных чыноўнікаў, якія гэты працэс курыруюць. У першую чаргу, на мой погляд, тое, што ў Беларусі з гісторыка-культурнай спадчынай адбываецца, - гэта проста некіруемыя фінансавыя працэсы."
Пры гэтым аніякія эстэтычныя мэты не могуць служыць апраўданнем тых парушэнняў, з якімі робіцца падчас рэканструкцыя ў Мінску і іншых гарадах Беларусі. На заўвагу, што плошча Парыжскай камуны можа выйграць у выніку рэканструкцыі з пункту гледжання эстэтыкі, сп. Астаповіч адказаў:
"Яна-та, можа, і выйграе, але ж ёсць закон, закон павінен выконвацца. І пра якую прававую культуру можна гаварыць у дзяржаве, там, дзе ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы самі закон парушаюць? Што тады патрабаваць ад простых грамадзян? Вось у чым справа. Калі ёсць закон, яго трэба выконваць. А закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны у нас чамусьці татальна не выконваецца. Па ўсёй Рэспубліцы Беларусь. Вось гэта мяне і засмучае. Вось гэта страшна. І калі канчаткова трансфармуецца кампазіцыя, можа, яна будзе бездакорнай, але ж, любую архітэктурную кампазіцыю трэба распрацоўваць з апірышчам на дзеючую нарматыўна-прававую базу, чаго ў нас не было зроблена. Вось у чым справа.
Проста гэтым закладаецца міна запаволенага дзеяння. Сёння мы парушылі гэта, заўтра мы парушылі іншае... Я заўсёды пра гэта кажу: яны закладаюць пад сябе міну запаволенага дзеяння. А потым паўстане пытанне, што, напрыклад, прэзідэнцкую нацыянальную бібліятэку яны самі зруйнуюць і паставяць у іншым месцы. Зараз ёсць прэцэдэнт, і хто, напрыклад, сёння перашкаджае зрабіць грамадскую ініцыятыву, каб помнік Леніну побач з Домам Ураду аднесці на 5 метраў улева ці ўправа? Як гаворыцца, яны самі не разумеюць, якую міну запаволенага дзеяння пад сябе падкладаюць вось такімі антызаконнымі актамі. І самае галоўнае, што ў нас усё гэта даходзіць ужо да святатацтва. Калі, каб пракладаць інжынерны калектар, капаюць траншэю па тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці - могілак ахвяр першай сусветнай вайны, і косткі экскаватарам выкідваюць. У мяне нават ёсць факты, як абыходзяцца са святая святых сучаснай ідэалогіі - магіламі другой сусветнай вайны. Адным словам, працэс настолькі разбалансаваўся, што яны пачынаюць секчы сук, на якім сядзяць, і нават ідэалагічны сук пад сабой сякуць."
EXPERTBY.ORG




LiveJournal
RSS
Каментары