На мінулым тыдні шырокім фронтам прайшла інфармацыя аб новай пазіцыі Польшчы ў пытанні ўзаемаадносін паміж Беларуссю і Эўразвязам. Найбольшае ўражанне пакідаюць, безумоўна, прапановы польскага боку адмовіцца ад палітыкі санкцый у дачыненні да нашай краіны. Па просьбе карэспандэнта EXPERTBY.ORG сітуацыю каментуе спецыяліст у галіне міжнародных адносін Андрэй Фёдараў:
Мне падаецца, на падставе апублікаванай інфармацыі пакуль што нельга сцвярджаць, што польскі бок прапануе нешта экстраардынарнае, што прынцыпова адрознівалася б ад палітыкі іншых дзяржаваў-чальцоў Эўразвязу. Напрыклад, днямі ў Менску пабываў амбасадар Нідэрландаў у Польшчы і па сумяшчальніцтву ў Беларусі Марнікс Кроп. У інтэрв'ю БелаПАН ён зазначыў, што адносіны паміж ягонай краінай і Беларуссю ўяўляюць сабой змешаную карціну: пры фактычна заблакаваных кантактах на палітычным узроўні супрацоўніцтва ў эканоміцы ўмацоўваецца, расце цікавасць адзін да аднаго і ў іншых абласцях.
На вялікі жаль, нельга адмаўляць тое, што над нашай дзяржавай пастаянна вісіць небяспека страты незалежнасці. Калі б аб'яднаная Эўропа далучылася да эканамічных санкцыяў ЗША, дык па вядомых прычынах матэрыяльны дабрабыт насельніцтва вельмі істотна пагоршыўся б. Няма сумненняў, што ў гэтых абставінах, каб збіць хвалю масавага незадавальнення афіцыйны Менск вырашыў бы пагадзіцца з тымі ўмовамі, што апошнім часам няспынна высоўвае Масква, і якія б раней ці пазней прывялі б нас да фактычнай адмовы ад свайго суверэнітэту.
Нарэшце, неяк цяжка ўявіць, што такі чалавек, як Марыюш Машкевіч, здольны здрадзіць ідэе беларускай дэмакратыі. Таму, на мой погляд, заўчасна рабіць нейкія катэгарычныя высновы, варта пачакаць больш дакладнай інфармацыі.
EXPERTBY.ORG




LiveJournal
RSS
Каментары