Your account


Sign up

We should not lose the chance to save for descendants our cultural treasures

architecture | law | destruction of monuments

Date of publication: 14 july 2008 22:56

Print version
Send this link

 

The Belarusian voluntary society for protection of the monuments of history and culture (BDTAPGK) is concerned with the fate of the national heritage as it sees violations of law committed by the state structures, which must act as guardians of the Constitution and laws of Belarus however in reality work towards destruction of monuments of architecture. In this connection, chairman of the Republican association BDTAPGK Anton Astapovich appeals to the pubic, political parties and mass media.
Only in the past two years Minsk, Grodno and other Belarusian localities have lost dozens or even hundreds of monuments of culture and history. Nothing can save from destruction, even putting on the State List of Historical and Cultural Values. Both local executive authorities and the Ministry of Culture, which is an authorized state body to exercise control over adherence to the legislation on protection of historical and cultural heritage, are directly related to the process of violations of normative and legislative base. This inevitably leads to more and more losses of historical and cultural treasures.

 

 

 

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры занепакоена лёсам нацыянальнай спадчыны, бо яно бачыць парушэнні заканадаўства з боку тых дзяржаўных структур, якія павінны стаяць на ахове Канстытуцыі і законаў Беларусі, але насамрэч спрыяюць знішчэнню помнікаў архітэктуры. З гэтай прычыны старшыня Рэспубліканскай рады БДТАПГК Антон Астаповіч выступае з наступным зваротам да грамадскасці, палітычных партыяў і СМІ.
                                                                                                                                                      

У 2008 годзе, як ніколі востра паўстае пытанне аховы і выкарыстання гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Праблемы  па захаванні помнікаў былі заўсёды, але менавіта за апошнія гады яны дасягнулі апагею, а першыя месяцы 2008 г. вызначаюцца некіруемым працэсам татальнага ігнаравання заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны з боку дзяржаўных органаў самага рознага ўзроўню.

Толькі за апошнія два гады Мінск, Гродна, іншыя мясціны Беларусі страцілі дзесяткі, а то і сотні помнікаў гісторыі і культуры. Не ратуе ад знішчэння нішто, нават уключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Як органы выканаўчай улады на месцах, так і Міністэрства культуры - упаўнаважаны дзяржаўны орган у галіне кантролю за выкананнем заканадаўства пра ахову гісторыка-культурнай спадчыны,  маюць непасрэднае дачыненне да працэсу парушэнняў нарматыўна-прававой базы, што няўхільна вядзе да ўсё новых і новых страт гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Упраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры пераўтварыліся ў своеасаблівы інстытут вынясення смяротных прысудаў нашым помнікам. Прысуды гэтыя  рыхтуюцца не ў адпаведнасці з законам, а адпаведна замове «зверху» і  «рэвалюцыйнай правасвядомасці».

Закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» ад 09 студзеня 2006 г., шэраг падзаконных нарматыўна-прававых актаў трактуюцца чыноўнікамі Рэспублікі Беларусь адвольна, а то і ігнаруюцца пры поўнай пасіўнасці праваахоўных і кантрольна-рэвізійных органаў.  Адсутнасць ініцыятывы з боку наглядных, праваахоўных і кантрольна-рэвізійных органаў у пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны дазваляе зрабіць выснову пра іх заангажаванасць у працэс парушэнняў, і адпаведна пра адсутнасць у нашай дзяржаве і механізмаў, і элементарнага жадання прывесці склаўшуюся сітуацыю ў рамкі прававога поля.

Гэта яскрава пацвярджае Пратакол даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнка А.Р., якія дадзены 10 красавіка 2008 г. пры наведванні будынка па вул. Кірава, 43, у Мінску, ад   03 чэрвеня 2008 г. № 18, у якім Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, абодвум палатам Нацыянальнага сходу, Канстытуцыйнаму суду, Кіраўніцтву справамі Прэзідэнта прадпісана падрыхтаваць прапановы па зносу былой "Ленінкі" -  будынка, які ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мае 2-ю катэгорыю аховы, з'яўляецца ўнікальным помнікам канструктывізму.

Такое рашэнне па зносе парушае артыкулы 3; 7; 8; 23; 27; 28; 29; 32; 33; 36; 37; 44; 45; 52; 53 Закона "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" ад 09 студзеня 2006 г., іншыя нацыянальныя нарматыўна-прававыя акты, шматлікія міжнародныя метадычныя дакументы, ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь.

І хто ініцыятар парушэнняў? Правільна, гарант Кантытуцыі і законнасці, а органы, пакліканыя і прымаць законы,  і дасканала іх выконваць, і сачыць за іх выкананнем, прыцягнутыя ў якасці "падзельнікаў-саўдзельнікаў".

Цынізм у дачыненні да помнікаў не можа не здзіўляць. Пад абыякавае ці негатыўнае стаўленне да каштоўнасцяў, звязаных з перыядам Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, перыяду беларускага адраджэння можна яшчэ падвесці ідэалагічнае абгрунтаванне, але практыка адпаведнага стаўлення да помнікаў савецкага перыяду, той эпохі, якая зараз ёсць "святой каровай" дзяржаўнай ідэалогіі, а гэта і прыклад былой "Ленінкі", сітуацыя вакол сквера Янкі Купалы, і шматлікія іншыя прыклады, дэманструюць поўны маральны распад дзейсных дзяржаўных інстытуцыяў.

Тэндэнцыі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны не суцяшаюць, нягледзячы на бюджэтнае фінансаванне рэстаўрацыі шэрагу знакавых для Беларусі помнікаў.

Па-першае, пры правядзенні прац татальна парушаюцца ўсе метадычныя рэкамендацыі, міжнародныя нарматывы,  нацыянальная нарматыўна-прававая база. Па-другое, фінансаванне кропкавых аб'ектаў не здымае праблемы страт гістарычных архітэктурна-планіровачных ансамбляў шматлікіх беларускіх гарадоў і мястэчак, якія знішчаюцца пад прыкрыццём так званага добраўпарадкавання.

Хацелася б нагадаць асноўныя прынцыпы і напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны, якія сфармуляваны ў артыкуле №3 Закона "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" ад 09 студзеня 2006 г.:
Дзяржаўная палiтыка ў сферы аховы гiсторыка-культурнай спадчыны грунтуецца на прынцыпах:

1.    прызнання гiсторыка-культурнай спадчыны фактарам развiцця 
     дзяржавы;
2.  адказнасцi дзяржавы за захаванне гiсторыка-культурнай спадчыны;
3.    удзелу грамадзян у ахове гiсторыка-культурнай спадчыны.
  
І зараз проста зададзім самі сабе пытанне - а што з гэтых прынцыпаў выконваецца ўвогуле, а калі што і выконваецца, то ў якім аб'ёме? Задаваць такое пытанне Міністэрству культуры - органу дзяржаўнага кіравання, які адказны за ажыццяўленне дзяржаўнай палітыкі бессэнсоўна. Па іх версіі - у нас усё добра. Але ж усё роўна гэтае пытанне задаваць трэба і Мінкульту, і Саўміну, і праваахоўным і іншым дзяржаўным органам, нават гаранту Канстытуцыі і, адпаведна, першай службовай асобе нашай дзяржавы.  І задаваць у пісьмовым выглядзе.

Немалаважнай з'яўляецца пазіцыя грамадства ў дачыненні да існуючай палітыкі ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Бо сітуацыя дыктуе актыўны ўдзел грамадскіх недзяржаўных інстытуцыяў у справе маніторынга сітуацыі з помнікамі гісторыі і культуры,  інфармавання беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці, кантролю за дзеяннямі выканаўчых,  распарадчых і іншых органаў дзяржаўнай улады ў Беларусі.

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры прапануе усім грамадскім арганізацыям, палітычным партыям, прадстаўнікам журналісцкага цэху аб'яднаць намаганні па абароне нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, дзеля чаго стварыць адпаведную Каардынацыйную раду, якая будзе складацца з грамадскіх камісіяў. Так прапануецца да Вашай увагі удзел у стварэнні і працы наступных грамадскіх камісій:

1.    Камісія «Мір-Нясвіж» - вывучэнне і дакументацыя парушэнняў нацыянальнага заканадаўства, міжнародных методык і прававых актаў пры правядзенні рэстаўрацыйных прац на аб'ектах «Юнеска»
2.    Прававая камісія - выпрацоўка прапаноў па ўдасканаленьні дзеючага заканадаўства ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны і яго правапрымянення
3.    Экспертная камісія - грамадскі экспертны кантроль за выкананнем заканадаўства ў г.Мінску і рэгіёнах, дакументальнае афармленне парушэнняў заканадаўства
4.    Камісія «Мартыралог» - збор звестак пра страчаныя помнікі і асобы, якія прынялі ўдзел у іх руйнаванні
5.    Інфармацыйная камісія - праца са сродкамі масавай інфармацыі

Каардынацыйная рада ў складзе прадстаўнікоў камісій павінна вызначаць накірункі сваёй дзейнасці, узгадняць працу як саміх камісіяў, так і грамадскіх актывістаў у галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны, выпрацоўваць агульную, узгодненую пазіцыю ў пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

У нас застаўся адзіны шанец уратаваць для нашчадкаў наша культурнае багацце - гэта аб'яднаць намаганні і працаваць разам. Давайце ж не губляць гэтага шанцу.

Антон Астаповіч    

 

Comments


© Expertby.Org
Please, send all your wishes and complaints to the following email webmaster@expertby.org
All rights reserved. It is required to use the reference. Report about the error