Беларусь і Венесуэла будуць паглыбляць супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы і імкнуцца да стварэння шматпалярнага свету. Пра гэта гаворыцца ў выніковым сумесным камюніке, якое падпісалі 23 ліпеня ў Мінску Аляксандр Лукашэнка і Уга Чавес.
Перамовы ў Мінску ў чарговы раз "прадэманстравалі супадзенне поглядаў на вырашэнне праблем і выклікаў, з якімі сутыкаюцца Беларусь і Венесуэла ў сваім імкненні да стварэння шматпалярнага свету на аснове такіх прынцыпаў, як салідарнасць, супрацоўніцтва і ўзаемапавага", зазначаецца ў дакуменце.
На думку прэзідэнтаў Беларусі і Венесуэлы, "навязванне звонку сацыяльна-палітычных мадэлей развіцця насуперак волі народаў, выкарыстанне палітыкі дваістых стандартаў уяўляюць відавочную пагрозу бяспецы любой нацыі".
Як гаворыцца ў камюніке, залогам сацыяльнай справядлівасці "з'яўляюцца шматпалярнасць і прызнанне права народаў самастойна вызначаць сваю сацыяльна-палітычную сістэму". А.Лукашэнка і У.Чавес асабліва падкрэслілі неабходнасць "паважання суверэнітэту дзяржаў, забароны прымянення сілы або пагрозы сілай, скіраванай супраць тэрытарыяльнай цэласнасці, а таксама неўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў".
У камюніке паведамляецца, што падчас сустрэчы, якая "праходзіла ў дружалюбнай і шчырай атмасферы", адбыўся "паглыблены абмен думкамі па шырокім спектры міжнародных праблем, а таксама па пытаннях узаемавыгаднага двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва". "Прэзідэнты надалі асаблівую ўвагу праблематыцы энергетычнага, фінансавага і харчовага крызісаў, якія ўяўляюць вялікую пагрозу стабільнасці і развіццю народаў", — гаворыцца ў дакуменце.
Паводле вынікаў перамоў таксама падпісаны мемарандум аб паразуменні паміж РУП "ВА "Беларуснафта" і АТ "Венесуэльская нафтавая карпарацыя", які прадугледжвае далучэнне новых радовішчаў нафты да беларуска-венесуэльскага сумеснага прадпрыемства "Петролера БелаВенесалана".
Як зазначыў падчас перамоў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка, новыя радовішчы дазволяць падвоіць магутнасці СП. "Мы маем патэнцыял у наступным годзе здабыць 2 млн. тон нафты", — сказаў У.Сямашка.



LiveJournal
RSS