Назіральны савет па кантролю за захаваннем парадку правядзення агітацыі у СМІ у час выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў утвораны сёння пастановай Цэнтрвыбаркама Беларусі.
У склад назіральнага савета ўвайшлі 7 чалавек: першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч, намеснік дырэктара Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі Ала Рыжкевіч, намеснік дырэктара Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Пётр Раманчук, першы намеснік старшыні Беларускага саюза журналістаў Рыгор Сакалоўскі, галоўны рэдактар газеты "Мінская праўда" Мікалай Шлома, дырэктар Грамадскага прэс-цэнтра Дома прэсы Таццяна Бялова, першы намеснік галоўнага рэдактара газеты "Советская Белоруссия" Міхаіл Лябедзік.
Як растлумачыў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, назіральны савет павінен сачыць у час перадвыбарнай агітацыі за выкананнем у СМІ норм Выбарчага кодэкса Беларусі, у прыватнасці кантраляваць забеспячэнне роўных умоў агітацыі для ўсіх кандыдатаў у дэпутаты. Гэта структура будзе таксама разглядаць узнікаючыя інфармацыйныя спрэчкі. Назіральны савет можа рабіць заключэнні і даваць рэкамендацыі кіраўнікам СМІ, якія павінны выконвацца як абавязковыя.
БелТА


LiveJournal
RSS
Каментары