Личный кабинет


Зарегистрироваться

Грузія стварыла прэцэдэнт адыходу ад Расіі былой савецкай рэспублікі. Хто наступны?

Афiцыйны флаг Грузii

Грузия | отношения с Россией | Россия | СНГ | Южная Осетия

Дата публикации: 17 августа 2008 02:44

Афiцыйны флаг Грузii

Версия для печати
Послать ссылку

Вайна ў Паўднёвай Асеціі скончылася выхадам Грузіі з СНД і жорсткай крытыкай шэрагу еўрапейскіх краін і ЗША. Расію ў канфлікце афіцыйна не падтрымала ніводная краіна, акрамя Кубы. Краіны СНД, за выключэннем Украіны, якая выступіла на баку Грузіі, занялі нейтральную пазіцыю. Нават такі саюзнік, як Беларусь, не быў гатовы адкрыта падтрымаць дзеянні Расіі ў Паўднёвай Асеціі. Ці азначае гэта, што ў барацьбе ЕС і Расіі, як вядучых цэнтраў інтэграцыі на постсавецкай прасторы, гэтым разам выйграла аб’яднаная Еўропа?

12 жніўня прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі заявіў пра выхад Грузіі з СНД. “Мы безумоўна мусім выйсці з СНД. СНД цалкам правалілася як міжнародная арганізацыя. Гэта нейкае постсавецкае ўтварэнне, якое практычна не можа зрабіць нічога, каб прадухіліць трагедыю. Выходзячы з СНД мы канчаткова развітваемся з Савецкім Саюзам”, заявіў М.Саакашвілі на мітынгу ў Тбілісі. 14 жніўня парламент Грузіі адзінагалосна прагаласаваў за дэнансацыю ўсіх пагадненняў у рамках СНД. Дэпутаты скасавалі рашэнне пра стварэнне Садружнасці, Статут СНД, а таксама Дамову пра эканамічныя сувязі.

Былы спікер грузінскага парламента Ніно Бурджанадзе, якую цяпер некаторыя палітолагі называюць магчымым прэтэндэнтам на пост прэзідэнта Грузіі, патлумачыла выхад Грузіі з СНД тым, што ні адна з дзяржаў Садружнасці не зрабіла нават фармальнай заявы наконт таго, што адна дзяржава СНД вядзе супраць іншай маштабныя вайсковыя дзеянні.

У часе вайсковага канфлікту паміж Грузіяй і Расіяй беларускі бок афіцыйна не каментаваў падзеі ў Паўднёвай Асеціі.

12 жніўня амбасадар Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў выказаў неразуменне ў сувязі са стрыманай пазіцыяй беларускіх уладаў у адносінах да падзеяў у Паўднёвай Асеціі, а таксама з тым, што Беларусь не прапанавала гуманітарную дапамогу.

“Нам вельмі незразумела, што дзяржаўныя ўлады, органы Беларусі захоўваюць такое “сціпла маўклівае маўчанне”, сціплае вельмі... Праўда, другарадны чыноўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі выказаў заклапочанасць у сувязі з падзеямі ў Паўднёвай Асеціі, але другой ступені. А кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі ў сённяшняй інтэрнэт-газеце “ёрнічае” наконт расейскага боку, што яны, маўляў, нічога не могуць, не блакавалі з мора, не ўдарылі па вузлах сувязі і гэтак далей... Навошта ёрнічаць? Гэта бяда многіх людзей”.

Праз дзень пасля заяваў расійскага пасла Аляксандр Лукашэнка ўсё ж такі выказвае спачуванні прэзідэнту Расіі Дзмітрыю Мядзведзеву ў сувязі з загінулымі ў Паўднёвай Асеціі. А 14 жніўня на сустрэчы ў Маскве з прэм’ерам Расіі Уладзімірам Пуціным прэм’ер Беларусі Сяргей Сідорскі заяўляе пра гатоўнасць аказаць гуманітарную дапамогу Паўднёвай Асеціі.

Пасля заявы Грузіі пра выхад з СНД беларускі МЗС асцярожна заяўляе пра прыхільнасць ідэям развіцця і ўмацавання СНД.

Намеснік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Анатоль Красуцкі, каментуючы выхад Грузіі з СНД, заявіў, што для палітыкаў гэта не навіна. “Улічваючы тую палітыку, якую Грузія праводзіць, немагчыма адначасова знаходзіцца ў дзвюх дыяметральна супрацьлеглых структурах — СНД і НАТО. Таму гэта калісьці павінна было адбыцца. Нейкіх наступстваў выхад за сабой не пацягне. У апошнія гады СНД пачынае рэфармавацца і набіраць абароты”.

Адваротную пазіцыю заняла Украіна. 10 жніўня МЗС Украіны заявіла, што Кіеў можа не ўпусціць назад у севастопальскі порт караблі расійскага Чарнаморскага флоту, калі яны возьмуць удзел у вайсковай аперацыі супраць Грузіі. Прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка 12 жніўня прысутнічаў на мітынгу ў Тбілісі разам з лідэрамі балтыйскіх краінаў і Польшчы, і выказаў падтрымку грузінскаму народу .13 жніўня кіраўнік Украіны падпісаў указ, паводле якога камандаванне расійскага Чарнаморскага флоту павінна атрымліваць у міністэрстве абароны Украіны дазвол на любыя перасоўванні па-за зонай дыслакацыі за 10 дзён да іх пачатку.

У парламенце Украіны ў чацьвер быў зарэгістраваны законапраект аб дэнансацыі Дамовы аб стварэнні СНД. Прапанова паступіла ад дэпутатаў фракцыі блока "Наша Украіна - Народная самаабарона". Паводле дакумента, ураду Украіны і міністэрству замежных спраў прапаноўваецца паведаміць іншым дзяржавам - чальцам СНД аб выхадзе Украіны са складу Садружнасці і прапанаваць дзяржавам-чальцам СНД распусціць Садружнасць, як арганізацыю, якая не апраўдала мэты свайго стварэння і існавання.

У сітуацыі “сціпла маўклівага маўчання” сваіх саюзнікаў і яўна не дужа сяброўскай пазіцыі Украіны Расія не адважылася зклікаць паседжанне СНД для асуджэння дзеянняў Грузіі ў Паўднёвай Асеціі. “У Маскве вырашылі не збіраць паседжанне СНД з метай асуджэння агрэсіі Грузіі ў стаўленні да Паўднёвай Асеціі, каб не ставіць у няёмкае становішча краіны, якія ўваходзяць у Садружнасць, паведаміў кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў. – “Калі вы спытаеце мяне, то я лічу гэта непрыстойным - прымушаць людзей рабіць рэчы, якія ў іх выклікаюць дыскамфорт", - сказаў ён у чацвер у інтэрв'ю радыёстанцыі "Эхо Москвы".

Пакуль саюзнікі Расіі сціпла маўчалі, краіны ЕС прынялі актыўны ўдзел ва ўрэгуляванні грузіна-расійскага канфлікту. Міністры замежных спраў краін Еўрасаюзу разгледзелі ў сераду, 13 жніўня, план урэгулявання канфлікту, прапанаваны Францыяй і ўзгоднены з Расіяй і Грузіяй. Кіраўнікі МЗС Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі, а таксама Вялікабрытаніі настойвалі на жорсткай крытыцы Расіі, Францыя і Германія занялі больш спакойную пазіцыю. Прынятая на паседжанні кіраўнікоў МЗС пастанова пацьвердзіла падтрымку прынцыпаў суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі.

На думку міжнародны аглядальніка “Нашай Нівы” Сяргея Богдана падзеі на Паўночным Каўказе паказалі, што ЕС пашырае свае ўплывы на постсавецкай прасторы, а ўдзел прэзідэнта Францыі Нікаля Сарказі ў вырашэнні канфлікту – вялікі прагрэс грузінскай палітычнай эліты ў тым, каб усталяваць трывалыя стасункі з Еўропай.

“Расія выкарыстоўвае Паўднёвую Асецію і Абхазію для прасоўвання сваіх стратэгічных інтарэсаў на Паўднёвым Каўказе і фактычна вяртання сабе ранейшага дамінантнага становішча, якое асабліва пахіснулася ў сувязі з новым праектам трубаправоду для пракачкі каспійскай нафты. Гэта быў вялікі ўдар па інтарэсах Расіі на Паўднёвым Каўказе. Таму для Расіі было вельмі істотна, нават з гэтага пункту гледжання, замацаваць пазіцыі ў гэтым рэгіёне. Па-другое, само існаванне рэжыму Саакашвілі ёсць пагрозай для Расіі на постсавецкай прасторы, таму што стварае прэцэдэнт адыходу ад Расіі былой савецкай рэспублікі,за выключэннем балтыйскіх рэспублік, якія ніколі асабліва савецкімі не былі.

Сам па сабе СНД – гэта праект, які на жаль не быў падмацаваны ні воляй элітаў, ні інтэлектуальным рэсурсам. Гэта фактычна пусты праект, за якім стаіць цікавая ідэя, але ён не працаваў і не працуе. Недарэчна ставіць пытанне пра ролю СНД, бо калі б узнікла нейкая роля СНД у вырашэнні гэтага канфлікту, гэта была б вельмі цікавая рэч. Гэта быў бы першы прыклад, калі арганізацыя ўпершыню працуе. Тбілісі ніколі не займаўся ў СНД мітуснёй, гэта чыста фармальны палітычны крок.

Канфлікт у Паўднёвай Асеціі фактычна наблізіў Грузію да Еўропы і НАТО. Грузія, нягледзячы на вельмі гаротнае становішча, змагла распачаць перамовы пра ўступленне ў Альянс. Больш цесным адносінам з ЕС спрыяла і сама пазіцыя Саюзу. У Еўропе вельмі моцна вядзецца гаворка пра тое, каб у энергетычным плане знайсці альтэрнатыву Расіі. І тут Грузія – ключавы парнёр, бо каб атрымаць каспійскую нафту, без Грузіі не атрымаецца.”

  • Пользователь
  • LJ-user
  • Эксперт
Имя E-mail
© Expertby.Org
Все замечания и пожелания присылайте на webmaster@expertby.org
Все права защищены. При использовании оригинальных материалов гиперссылка обязательна. Сообщить об ошибке