16 жніўня экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін вызвалены з калоніі "Віцьба-3". Як паведаміла дачка палітыка Вольга, яго адпусцілі на пахаванне цесця Івана Сабалеўскага, які памёр у той жа дзень на 78-м годзе. Цяпер А.Казулін знаходзіцца ў Дзяржынску (Мінская вобласць), дзе жыў яго цесць і дзе 17 жніўня адбудзецца пахаванне.
Падрабязнасці вызвалення пакуль не каментюць ні сам палітык, ні яго сваякі. Аднак, як паведаміла крыніца ў Адміністрацыі прэзідэнта, 15 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні Казуліна.
Былы адвакат А.Казуліна і таварыш па Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Рынкевіч не выключае "поўнага вызвалення" палітыка. Ён не пацвердзіў і не абверг інфармацыю аб існаванні ўказа аб памілаванні А.Казуліна, але заявіў, што "з юрыдычнага пункту гледжання не засталося іншых механізмаў экстраннага вызвалення палітыка, акрамя памілавання". "Усе наглядныя інстанцыі ўжо пройдзены", — дадаў юрыст.
Нагадаем, 13 ліпеня 2006 года суд прызнаў А.Казуліна вінаватым у наўмысных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаны з непадпарадкаваннем супрацоўнікам міліцыі. Палітыка прыгаварылі да пазбаўлення волі на пяць з паловай гадоў. Арганізацыя "Міжнародная амністыя" аб`явіла Казуліна палітзняволеным. Сваёй віны палітык катэгарычна не прызнае.
У лютым гэтага года А.Казуліна на тры дні адпускалі з калоніі на пахаванне жонкі Ірыны, якая памерла 23 лютага пасля цяжкай хваробы. Казулін правёў на волі з 26 па 28 лютага. Ён паведаміў журналістам, на якіх умовах улады прапанавалі яму вызваленне.
У прыватнасці, сказаў Казулін, асаблівую ролю ў гэтым адыграў пасол Германіі ў Беларусі Гебхарт Вайс, які "быў вельмі шчырым у сваім імкненні дапамагчы". "На самым высокім узроўні мне прапаноўвалася, каб я са сваёй сям`ёй проста паехаў у Германію на самыя лепшыя ўмовы, якія толькі магчымы. Але я павінен быў спыніць сваю палітычную дзейнасць", — расказаў А.Казулін. Пры гэтым палітык зазначыў, што лячэнне яго жонцы Ірыне, якая хварэла на анкалагічнае захворванне, не прапаноўвалася. "Для таго каб лячыць, трэба ведаць сітуацыю. А ўлічваючы, як хутка памерла мая жонка, мне фактычна прапаноўвалася, каб яна памерла ў Германіі", — сказаў А.Казулін. Ён падкрэсліў, што не мае намеру пакідаць Беларусь.
11 жніўня А.Казуліна ў калоніі наведаў кіраўнік офіса АБСЕ ў Мінску Ханс-Йохан Шміт. Як паведаміла прэс-служба офіса АБСЕ, "візіт з`явіўся часткай абавязацельстваў офіса АБСЕ ў сферы маніторынгу за развіццём судовых спраў".
13 жніўня пасол Германіі Г.Вайс наведаў Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі. Як паведаміла пасольства, у яго адбылася "рабочая сустрэча, на якой абмяркоўвалася шырокае кола пытанняў". Тэматыку перамоў у дыпмісіі канкрэтызаваць не сталі.
Каментуючы перамовы нямецкага дыпламата з прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта, аналітыкі нагадалі, што пасля папярэдніх "аналагічных кансультацый" былі вызвалены актывісты апазіцыі, якіх на Захадзе лічылі палітзняволенымі. Яны выказалі меркаванне, што падчас цяперашніх перамоў у адміністрацыі абмяркоўвалася магчымасць вызвалення А.Казуліна.



LiveJournal
RSS
Комментарии