Пасля вызваленьня палітвязьняў намеснік памочніка Дзяржсакратара ЗША Дэйвід Меркель выляцеў ў Менск з 2-х дзённым візытам для сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай улады і апазіцыі.
Злучаныя Штаты Амерыкі вітаюць вызваленне "двух апошніх палітычных зняволеных у Беларусі" Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма. Пра гэта заявіў 20 жніўня афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Роберт Вуд, перадае БелаПАН.
"Вызваленне гэтых людзей і далейшыя пазітыўныя крокі, на якія мы спадзяемся, дадуць рэальную магчымасць для значнага паляпшэння адносінаў паміж ЗША і Беларуссю", — падкрэсліў Р.Вуд.
22 жніўня ў Дэвіда Меркеля запланаваная сустрэча са старшынём Партыі БНФ Лявонам Баршчэўскім, кіраўнікамі Партыі камуністаў Беларускай — Сяргеем Калякіным і АГП — Анатолем Лябедзькам, а таксама з былымі кандыдатамі у прэзідэнты Аляксандрам Мілінкевічам і Аляксандрам Казуліным, паведаміў БелаПАН А.Лябедзька.
“Вызваленне ўсіх палітычных вязняў з турмаў яшчэ не вырашае праблему рэпрэсаваных”, — кажа А.Лябедзька.
“Ёсць яшчэ “справа 14-ці” — справа маладых людзей, якім прысудзілі абмежаванне волі. Гэтае абмежаванне вельмі сур’ёзнае: яны павінны стаяць на ўліку ў міліцыі, даваць справаздачу пра свае перасоўванні, ім забаронены выезд за мяжу. Гэтае пытанне па-ранейшаму актуальнае”. Лідэр АГП дадаў, што магчыма таксама абмеркаванне пытання пра спіс асобаў, якім забаронены выезд з Беларусі.



LiveJournal
RSS