Аб`яднаныя дэмакратычныя сілы (АДС) не будуць байкатаваць парламенцкія выбары, заявіў каардынатар кампаніі "За свабодныя выбары" Віктар Карнеенка 12 верасня на прэс-канферэнцыі лідэраў АДС у Мінску.
Рашэнне аб адмове байкатаваць выбары прынята 10 верасня прэзідыумам палітсавета АДС і павінна быць зацверджана 21 верасня палітсаветам Аб`яднаных дэмакратычных сіл.
Як заявіў на прэс-канферэнцыі лідэр Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які цяпер старшынствуе ў АДС, на заключным этапе выбарчай кампаніі Аб`яднаныя сілы сканцэнтруюцца на назіранні за падлікам галасоў.
Паводле яго слоў, АДС ужо цяпер не прызнае гэту выбарчую кампанію як справядлівую і легітымную. Гэту пазіцыю прапанавана замацаваць у адпаведнай заяве подпісамі не толькі лідэраў АДС, але і кожнага апазіцыйнага кандыдата ў дэпутаты. Нагадаем, каля 70 кандыдатаў ад Аб`яднаных дэмакратычных сіл зарэгістраваны кандыдатамі ў дэпутаты для ўдзелу ў парламенцкіх выбарах, што адбудуцца 28 верасня.
Як заявілі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі, для назірання за падлікам галасоў і фіксацыі магчымых фактаў фальсіфікацыі ў час галасавання АДС сканцэнтруе сваю ўвагу на тых выбарчых акругах, дзе ёсць "моцныя і канкурэнтаздольня каманды кандыдатаў у дэпутаты, здольныя паказаць той факт, што выбары былі сфальсіфікаваны".



LiveJournal
RSS