23 верасня ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне ў Палату прадстаўнікоў чацвёртага скліканьня . Па дадзеных ЦВК за два дні прагаласавала 7,0 працэнтаў выбаршчыкаў ці паўмільёны беларускіх грамадзян. Больш за ўсе галасуюць на усходзе краіны - у Гомельскай і Віцебскай абласцях. Найменьш галасоў аддалі выбарцы Гродзенскай вобласці. Датэрміновае галасаванне ў Беларусі назіральнікі называюць "залатым фондам Лукашэнкі". Праваабаронцы кажуць, што прымус - гэта характэрная рыса датэрміновага галасавання.
Датэрміновае галасаванне пачынаецца за пяць дзён да асноўнага дня галасавання. Скарыстацца сваім правам і аддаць свой голас за кандыдата ў дэпутаты можна ў любы дзень. Аднак, як лічаць эксперты, ва ўмовах палітычнага рэжыму Беларусі датэрміновае галасаванне з'яўляецца магчымасцю маніпуляцыі галасоў. Практыку датэрміновага галасаваньня найбольш крытыкуюць незалежныя назіральнікі і эксперты ў галіне выбарчага права.
У 2004 годзе на парламенцкіх выбарах і рэфэрэндуме датэрмінова прагаласавала 17,39 % беларусаў, на выбарах прэзідэнта 2001 году - 14,3 %. Па выніках двух дзён сёлетняга галасавання прагаласавала 7% выбаршчыкаў. Назіральнікі кажуць, што гэтыя лічбы заніжаныя. Паводле праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча, рэальная лічба датэрмінова прагаласаваўшых - 20-30%. "Сітуацыя з датэрміновым галасаваннем на сёлетніх выбарах фактычна не адрозніваецца ад сітуацыі на папярэдніх выбарах", - лічыць праваабронца.
Пасля трох дзён галасавання назіральнікі фіксуюць некалькі дзесяткаў парушэнняў . Сярод асноўныў праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў немагчымасьць атрымання назіральнікамі якой-небудзь інфармацыі ад сябраў участковых выбарчых камісій і прымусовае галасаванне. "Назіральнікам не даюць інфармацыю пра колькасць бюлетэняў і выбаршчыкаў. Давераным асобам кандыдатаў у дэпутаты адмаўляюць у прадастаўленні інфармацыі пра ход выбарчай кампаніі. Студэнтаў, настаўнікаў, медыкаў прымушаюць галасаваць датэрмінова".
Прыкладам прымусу можа стаць аб'ява ў гімназіі №1 Слуцка. "Уважаемые коллеги!!! Сегодня (25 сентября) необходимо срочно всем проголосовать. По избирательным участкам затребовали списки не проголосовавших учителей".
У выніку датэрміновага галасавання, яшчэ да пачатку асноўнага дня галасавання на адным з выбарчых участкаў выбары ўжо адбыліся. Як паведамілі ў акруговай выбарчай камісіі, на выбарчым участку № 528 у Коласаўскай акрузе № 106 Мінску за два дні ўжо прагаласавала больш за 50% выбаршчыкаў. Гэты ўчастак знаходзіцца ў інтэрнаце Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Паводле беларускага заканадаўства, лічыцца, што выбары адбыліся, калі на выбарчыя ўчасткі прыйшлі больш як 50% выбаршчыкаў.
У такія лічбы не паверыў нават сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, заявіўшы радыё Свабода, што "сёння дзіўна было б, калі б на нейкім участку ўжо прагаласавала больш за 50%. Напэўна, такіх участкаў яшчэ няма. Складана ў гэта паверыць".
Спрабуюць парушыць заканадаўства нават самі абранікі народу. Кандыдатка ў дэпутаты і дзейная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Тацяна Асмалоўская прагаласавала ў першы дзень датэрміновага галасаваньня і спрабавала тое ж зрабіць за сваю маці.
Старшыня Цэнтральнай выбарчай кампаніі Лідзія Ярмошына заяўляе, што яўных парушэнняў выбарчага заканадаўства ў Беларусі не назіраецца.
Вынікі датэрміновага галасавання ў Беларусі пасля двух дзён:
| Брэсцкая вобласць |
6,3% |
| Віцебская вобласць | 8,3% |
| Гродзенская вобласць | 5,8% |
| Гомельская вобласць | 7,7% |
| Магілёўская вобласць | 7,3% |
| Мінская вобласць | 7,5% |
| Мінск |
6,2% |
Усяго ў Беларусі на дэпутацкае крэсла прэтэндуюць 265 чалавек.



LiveJournal
RSS