10 кастрычніка адзначаецца сусьветны Дзень без смяротнага пакарання: шосты раз у свеце і другі - у Еўрапейскім Саюзе. Беларусь - адзіная краіна ў Еўропе, якая адмаўляецца пазначыць гэты дзень у сваім каляндары. У нашай краіне дагэтуль не адмененая і ўжываецца смяротнае пакаранне.
Смяротнае пакаранне адмененае ў большасці краін свету. Паводле дакладу ААН, апублікаванаму ў лістападзе 2007 году, у свеце 146 дзяржаў адмовіліся ад гэтага віду пакарання. У той жа час у 51 краіне пакаранні смерцю працягваюцца, а нярэдка носяць публічны характар. У 2006 году ў свеце былі пакараныя па меншай меры 5 тысяч 628 чалавек. Найбольшая колькасць - 90% усіх смяротных пакаранняў прыходзіцца на такія краіны, як Іран, Ірак, Кітай, Пакістан, ЗША і Судан.
У Еўропе няма ніводнай краіны, якая выкарыстоўвае гэты від пакарання. Смяротнае пакаранне адмененае нават ва Узбекістане. Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая ўжывае "ўзаконенае забойства".
Паводле афіцыйнай статыстыкі, з 1997 году ў Беларусі было выканана болей за 160 сьмяротных прысудаў і толькі аднаго чалавека сваім указам памілаваў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Нягледзячы на скарачэнне вынясення гэтага віду пакарання у судовай практыцы Беларусі - у 1997 годзе такіх прысудаў было вынесена 48, у 2008 - 4, адмяняць яго пакуль не збіраюцца.
Большасць беларусаў выступае за захаванне смяротнага пакарання. Паводле афіцыйных дадзеных, на рэфэрэндуме 1996 году супраць адмены смяротнага пакарання выказаліся 80% грамадзян Беларусі, 17% - за адмену гэтага віда пакарання. У краінах Еўропы перад адменай смяротнага пакарання таксама большасць грамадзян выказваліся за захванне гэтай меры, аднак нягледзячы на гэта кіраўніцтва краін і Канстытуцыйны суд пайшлі на гэтую меру. Сёння ў большасці з іх працэнт насельніцтва, які выступае за смяротнае пакаранне паменьшыўся ў некалькі дзесяткаў.
Прэзідэнт Ханс-Герт Петэрынг адзначыў у Дзень супраць смяротнага пакарання, што абарона правоў чалавека з'яўляецца неабходнасцю судовай сістэмы, якая базуецца на павазе правоў чалавека і чалавечай годнасці.
"Смяротнае пакаранне супярэчыць каштоўнасцям, на якіх заснаваны Еўрапейскі Саюз. Такім чынам, толькі тыя краіны, дзе няма смяротнага пакарання смерцю або дзе яно адмененае, могуць стаць яго чальцамі", - адзначыў Прэзідэнт Еўрапарламента.
На думку экспертаў, смяротнае пакаранне можа існаваць толькі для падтрымання дыктатуры, у астатніх выпадках сэнсу ў ім няма.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што "смяротнае пакаранне - гэта старая савецкая традыцыя, якая актыўна ўжывалася ў 30-гады":
"Дзяржава ўжывае тыя ж метады, што і злачынцы
Выкарыстоўваючы смяротную кару, як від пакарання, улада спасылаецца на меркаванне народу, які на рэферэндуме выказаўся яе захаванне. У прынцыпе, такая сітуацыя назіраецца ў любой еўрапейскай краіне. Аднак краінамі кіруюць эліты, якія не могуць кіравацца ўсімі жаданнямі людзей. А што калі народ захоча публічных пакаранняў?! Дзяржава ўжывае тыя ж метады, што і злачынцы.
Сама наяўнасць сямортнага пакарання робіць сістэму больш жорсткай. На яго фоне вялікія турэмныя тэрміны выглядаюць не так жорстка.
"Смяротнае пакаранне у Беларусі носіць сімвалічны характар"
Мяне ўразіла неяк фраза аднаго з суддзяў Канстытуцыйнага суда Беларусі. На канферэнцыі АБСЕ па чалавечаму вымярэнню, афіцыйны прадстаўнік ад Беларусі, адзін з суддзяў Канстытуцыйнага суду заявіў: "смяротнае пакаранне у Беларусі носіць сімвалічны характар". Вядома, што ён казаў у кантэксце памяншэння вынясення гэтага віду пакарання, але "узаконенае забойства" не можа мець сімвалічны характар для дзяржавы.
Еўропа схіліць Беларусь да адмены смяротнай кары
Рана ці позна Беларусь альбо ўвядзе мараторый, альбо адменіць цалкам смяротнае пакаранне. Мы знаходзімся ў Еўропе, для якой права на жыццё - галоўны прынцып і каштоўнасць. Еўропа схіліць Беларусь да адмены смяротнага пакарання, няхай не праз асэнсаванне гуманасці адмены гэтай кары, а ўзамен на карысны інтарэс уладаў ад больш цесных кантактаў з Саветам Еўропы, Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы і ЕС".



LiveJournal
RSS