Кабiнет эксперту


Зарэгістравацца

Ці сустрэнецца фінансавы крызіс з Беларуссю?

крызіс | фінансы

Дата публiкацыi: 19 кастрычніка 2008 22:17

Версiя для друку
Паслаць спасылку

Няглядзячы на тое, што ў Беларусі адсутнічае фондавы рынак і краіна не інтэграваная ў сусьветную фінансавую сістэму, эканамічны спад не абыйдзе Беларусь бокам, лічаць экперты.

У Беларусі сусьветны фінансавы крызіс найбольш істотна закрануў працу банкаў

Шэраг беларускіх банкаў спынілі выдачу валютных крэдытаў. У першую чаргу гаворка ідзе пра банкі, якія належаць замежным інвестарам, часткова або цалкам спынілі выдачу валютных крэдытаў грамадзянам на куплю тавараў, аўтамабіляў і будаўніцтва жылля. У асноўным гэта закранула крэдыты ў далярах ЗША. У беларускіх рублях крэдыт атрымаць сёньня можна, аднак і іх выдаюць неахвотна, максімальна завышаючы стаўку.

Найбольш адчувальна змены адбіліся на рынку жылля і на аўтакрэдытаванні — беларусы найчасцей бралі крэдыты для набыцця кватэраў і аўтамабіляў.

З 30 банкаў, якія працуюць у Беларусі, толькі каля дзесятка крэдытуюць насельніцтва на набыццё або будаўніцтва жылля. У “Белрасбанку” крэдыты пакуль выдаюць, але з даведкай аб прыбытках пад 15,5% гадавых у далярах ЗША і пад 17% у беларускіх рублях. А ў крэдытнай дамове напісана, што стаўка можа памяняцца. Падвысіў крэдытную стаўку і “Прыёрбанк”. А вось банк “ВТБ” (Беларусь) крэдытаў ужо не выдае.

Падобнае назіраецца і ў аўтакрэдытаванні. Шэраг камэрцыйных банкаў часова спынілі выдачу валютных крэдытаў на набыцьцё аўтамабіляў. Іншыя пераарыентаваліся на беларускія рублі, аднак пад істотна большыя працэнты — калі дагэтуль можна было атрымаць крэдыт пад 12-13% гадавых у далярах, то цяпер стаўка ў рублях перавышае 20%.

Інвестары прыпыняюць перамовы

Міжнародныя інвестары, зацікаўленыя ў супрацоўніцтве, часова прыпынілі перамовы з найбуйнейшым фармацэўтычным вытворцам - Барысаўскім заводам медпрэпаратаў, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Акцыянаванне запланаванае было на снежань, інтарэс да заводу выявілі вядомыя фармацэўтычных кампаніі, у тым ліку з Еўрасаюза і Індыі. Беларускі ўрад разлічваў з дапамогай замежных інвестыцый мадэрнізаваць вытворчасць і знайсці новыя рынкі збыту.

Начальнік упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння міністэрства аховы здароўя Людміла Реутская кажа, што “асноўная колькасць субстанцый вырабляецца за мяжой. Чым больш аб'ёмы, тым выгодней вытворчасць. “Без экспарту ў фармацэўтычнай прамысловасці краіны няма будучыні".

У дзяржаве ўсе спакойна

Нацыянальны банк Беларусі канстатуе стабільную сітуацыю на ўнутраным банкаўскім і фінансавым рынках, а таксама падкрэсьлівае дастатковую ліквіднасьць беларускіх банкаў, нягледзячы фінансавы крызіс у Расіі і Еўропе.

"Банкі не маюць істотных праблем з ліквіднасцю", - заявіў напярэдадні Інтэрфаксу кіраўнік галоўнага ўпраўлення банкаўскага нагляду Нацбанку Сяргей Дубкоў.

"Валютныя пазіцыі беларускіх банкаў захаваныя ў дастатковым аб'ёме. Прычым гэта тычыцца як дзяржбанкаў, так і банкаў, створаных з удзелам замежнага капіталу", - падкрэсліў С.Дубкоў.

Кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што сусветны фінасавы крызіс можа закрануць у некаторай ступені Беларусь. "Хачу задаць пытаньне "свядомай" інтэлігенцыі. Хто меў рацыю: Лукашэнка са сваёй палітыкай абароны эканомікі і арыентацыі на нармальную мадэль развіцця або тыя дзеячы, якія называюць сябе "рыначнікамі"? — сказаў А.Лукашэнка 7 кастрычніка падчас наведваньня КДБ і даручыў гэтаму органу супрацьстаяць фінансаваму крызісу.

Паводле банкаўскага кіраўніцтва, у беларускіх банках хочуць захоўваць свае грошы нават замежнікі. Кіраўнік Нацыянальнага банку П.Пракаповіч заявіў 17 кастрычніка, што апошнім часам у сувязі з падзеямі ў суседніх краінах "стала звяртацца вельмі шмат замежных грамадзян з просьбай размясціць свае ўклады ў банкаўскай сістэме Рэспублікі Беларусь".

Між тым, золатавалютныя запасы Беларусі, разлічаныя паводле стандартаў МВФ, за верасень скараціліся на 460 мільёнаў даляраў. Па стане на 1 кастрычніка яны склалі 4,120 млрд даляраў.

Нацыянальны Банк ад 15 кастрычніка падвысіў стаўку рэфінансаваньня ад 10,5 да 10,75% гадавых. Нацбанк на выключае таксама падвышэння стаўкі рэфінансаваньня да канца году да 11-14% гадавых.

Эксперты лічаць, што падвышэнне стаўкі рэфінансавання звязанае з інфляцыяй, якая значна вышэйшая за працэнты гэтай стаўкі.

Эксперты: Крызіс закране Беларусь

Рэктар “Moscow Business School” Павал Данэйка , лічыць, што фінансавы крызіс ужо ўплывае на эканоміку Беларусі. У інтэрв’ю Радыё Свабода эксперт адзначыў, што “ўжо ёсць цяжкасьці са збытам прадукцыі. Абвал грашовага рынку прыводзіць да згортвання інвестыцыйных праграм, бо інвестыцыйныя праграмы ўсе жывуць за кошт крэдытных грошай. Адпаведна, калі зараз няма грошай, інвестыцыйныя праграмы будуць спыненыя. Інвестыцыйны попыт падае. А гэта азначае, што будуць падаць цэны на сыравіну, на інвестыцыйную прадукцыю”.

На думку Паўла Данэйкі, беларуская эканоміка залежыць ад двух фактараў: ад цаны на нафту і ад продажу інвестыцыйных прадуктаў у Расію. Калі цана на нафту апускаецца, адбываецца дэвальвацыя рубля, тлумачыць Павал Данэйка.

Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што “фінансавы крызіс закране Беларусь не праз скарачэнне валютных рэзэрваў, а хутчэй за ўсё ў форме пагаршэння пазыцый беларускіх банкаў. І магчымае напружанне, звязанае са здольнасцю банкаў адказваць па сваіх абавязаннях перад насельніцтвам”.

“Тое, што зараз з намі адбываецца — мы проста спекулюем расейскай нафтай і жывём з высокіх цэнаў на нафтапрадукты, якія прадаём”.

Паводле кіраўніка аналітычнага Цэнтра Мізэса Яраслава Раманчука, Нацыянальны банк мусіць пачынаць дэвальвацыю беларускага рубля. Інакш наступіць пагроза зьнішчэньня золатавалютных рэзэрваў. Пагроза таго, што здарылася ва Ўкраіне, дзе грыўна дэвальвіравалася больш за 30%, у нас вельмі-вельмі значная

Фінансавы крызіс пачаўся ў 2006 годзе ў ЗША з абвалу рынка іпатэчнага крэдыту. Яго галоўным чыннікам стаў рост незваротаў жыллёвых крэдытаў. Улетку 2007 года абвясцілі аб сваім банкруцтве звыш 100 кампаній, крызіс закрануў інвестыцыйныя фонды найбуйнейшых фінансавых кампаній, якія ўклалі сродку ў іпатэчныя аблігацыі.

15 верасня 2008 года амерыканскія СМІ назвалі "чорным панядзелкам", а перажытыя фінансавым рынкам падзеі як самыя цяжкія з 1929 года - даты пачатку Вялікай дэпрэсіі ў ЗША. Індэкс Доу-Джонса - найважнейшы паказчык дзелавой актыўнасці ў ЗША ўпаў на 317,38 пункты, спынілі сваё існаванне два найбуйнейшых банкі ЗША.

19 верасня 2008 года ўрад ЗША прапанаваў пакет мер, накіраваных на пераадоленне крызісу, у тым ліку законапраект аб выдзяленні 700 млрд даляраў для выкупу інвестыцыйных аблігацый камерцыйных банкаў, якія страцілі ліквіднасць.

Міжнародны валютны фонд ацаніў страты сусветнай банкаўскай сістэмы ў 1,3 трлн даляраў.

  • Пользователь
  • LJ-user
  • Эксперт
Имя E-mail
© Expertby.Org
Усе заўвагі і пажаданні дасылайце на webmaster@expertby.org
Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні арыгінальных матэрыялаў гіперспасылка абавязкова. Паведаміць пра памылку